“Удзячны лёсу і ганаруся тым, што здолеў зрабіць”

 “Удзячны лёсу і ганаруся тым, што здолеў зрабіць”

20 лютага ў г.п. Мір  павіншавалі  Уладзіміра Альбінавіча Кадлубая,  ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара Мірскага дзяржаўнага каледжа, чалавека,  які пакінуў яркі след у гісторыі рэгіёна.

З кветкамі, падарункамі і словамі падзякі за ратную працу да юбіляра прыехалі начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Кучко і дырэктар сярэдняй школы г. п. Мір імя Г. І.  Сташэўскай Таццяна Шаплыка.

Упэўнена, што, азіраючыся назад, Вы радуецеся таму, што было зроблена Вашымі намаганнямі і падчас працы настаўнікам фізічнай культуры ў Варанчанскай сярэдняй школе, і на пасадзе старшыні Мірскага сельсавета, і дырэктара Мірскага вучылішча,  – сказала Ірына Валер’еўна. – Дзякуй Вам за гады вернага служэння роднай зямлі, з якіх амаль 13 гадоў – на пасадзе кіраўніка ўстановы адукацыі,  за пуцёўку ў жыццё, якую Вы далі  многім  навучэнцам. Жадаем Вам толькі станоўчых эмоцый і прыемных момантаў,   моцнага здароўя і пазітыўнага настрою!

Шквал званкоў у дзень юбілею не сціхаў: усе жадалі выдатнаму чалавеку сто гадоў жыцця ў здароўі і любові. А чароўная жонка імянінніка – аднадумца і “правая рука” па жыцці Людміла Аляксандраўна свяцілася ад шчасця.

Кацярына Куканова




Комментарии